КАРАХАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава ва Усх. Туркменістане, Сямірэччы, Паўд. Прыцяньшанні, міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і (цяпер тэр. Кыргызстана, Таджыкістана, часткова Узбекістана, Казахстана і Кітая) у 10 ст. — 1212. Сталіцы: гарады Кашгар, Баласагун і Узген. Утворана цюрк. плямёнамі (у сярэдзіне 10 ст. прынялі іслам) карлукаў, чыгіляў, ягма і інш. (ад ягма паходзіла правячая дынастыя Караханідаў, якую заснаваў Абдулкарым Сатук Карахан). Канчаткова склалася ў канцы 10 ст., калі правіцелі (богра-ханы) Харун і яго пераемнік Наср I знішчылі Саманідаў дзяржаву і авалодалі Маверанахрам з гарадамі Бухара і Самарканд. Падзялялася на ўдзелы на чале з ілек-ханамі з роду Караханідаў. Гал. формай землеўладання была ікта. У канцы 11 — пач. 12 ст. трапіла ў залежнасць ад Сельджукскай дзяржавы, з 1130—40-х г. пад вярх. уладай Каракітаяў дзяржавы. У 1212 рэшткі К. дз. ліквідаваны харэзмскім шахам Мухамедам, які забіў апошняга караханідскага правіцеля Клыч-Арслана ібн Клыча.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)